Дар’я Паўлікава ў медыцыне ўжо шосты год. Для многіх гэта проста радок у працоўнай кніжцы, але за гэтай лічбай хаваецца штодзённы марафон, ад якога залежыць не толькі здароўе, але і будучыня, а часам – і жыццё.
Лёгкая рука і разуменне з паўслова
Прафесія медработніка для Дар’і не была выпадковым выбарам – яна пайшла па слядах брата Мікіты, які прысвяціў сябе адной з самых адказных і драматычных спецыяльнасцей: ён – анестэзіёлаг-рэаніматолаг Добрушскай ЦРБ.
– Бачыла, як ён суткамі выратоўвае людзей на аперацыйным стале. Для мяне гэта стала прыкладам абсалютнай адданасці справе, – расказвае медыцынская сястра.
І хаця ёй не даводзіцца працаваць ва ўмовах, калі кожная секунда вырашае ўсё, яе работа патрабуе не меншай канцэнтрацыі і эмпатыі.
– Мая задача – быць апорай там, дзе пачынаецца шлях да мацярынства або заканчваецца барацьба з захворваннем, – па-філасофску разважае Дар’я Паўлікава.
Скончыўшы Гомельскі дзяржаўны медыцынскі каледж, яна прыйшла па размеркаванні ў Добрушскую ЦРБ. Маладым спецыялістам тры гады працавала ў паліклініцы. І ўжо амаль столькі ж часу яе ведаюць пацыенты добрушскай гінекалогіі як уважлівую, чулую медсястру з «лёгкай рукой», уменнем выконваць даручэнні ўрача з хуткасцю маланкі і разумець патрэбы пацыентак без слоў.
– Мне пашчасціла працаваць у найлепшым аддзяленні і ў самым дружным калектыве, – кажа медработнік. – У нас ціха, прыгожа і ўтульна, ёсць усё, што трэба жанчыне для камфорту і спакою.
Прафесіяналізм плюс чалавечая спагада
За шэсць год работы Дар’я асвоіла галоўнае мастацтва сваёй прафесіі. І гэта не пастаноўка кропельніц у самыя складаныя вены і не дапамога ўрачу падчас малых аперацыйных умяшанняў. Часта яе галоўная задача – проста быць побач. Заспакоіць дзяўчыну перад абследаваннем, знайсці патрэбныя словы для жанчыны, якая сутыкнулася з цяжкім дыягназам, або раздзяліць ціхую радасць з пацыенткай, якая пачула доўгачаканую навіну пра цяжарнасць.
– У любым выпадку трэба заставацца чалавекам, здольным на шчырую спагаду, – лічыць медыцынская сястра.
Дар’я ўсё часцей ловіць сябе на думцы, што праца ў стацыянары – гэта магчымасць адчуць сваю значнасць. Калі яна дзяжурыць ноччу ў аддзяленні, разумее, што ўся адказнасць – на ёй. А калі бачыць, як паляпшаецца стан пацыентак, адчувае задаволенасць: значыць, хваляванні і намаганні былі недарэмнымі.
– Мне вельмі дапамагае маральная падтрымка брата, – дзеліцца дабрушанка. – Нават сама думка пра тое, што ён недалёка, разумее мяне, як ніхто іншы.
Источник: https://vdobrushe.by/gistoryja-medsjastry-ginekalagichnaga-addzjalennja-z-dobrusha/
Дар’я прызналася: сваю будучыню яна не ўяўляе без медыцыны. Праўда, хацела б паспрабаваць сябе ў ролі аперацыйнай сястры. Каб, як і брат Мікіта, зразумець сапраўдную цану перамогі над хваробай. Бо для іх абодвух медыцына – гэта не проста работа, а сямейная місія па выратаванні людзей.
